ЗВЯ́ЗАНЫ СТАН,
стан сістэмы часціц (цел), пры якім іх адносны рух адбываецца ў абмежаванай прасторы на працягу прамежкаў часу, большых за характэрныя для гэтай сістэмы перыяды. Для ўтварэння З.с. неабходна існаванне сіл прыцяжэння паміж усімі (або асобнымі) часціцамі сістэмы на некат. адлегласцях паміж імі. Прыклады З.с.: элементарныя часціцы (адроны і рэзанансы), ядры атамныя, атамы, малекулы, падвойныя зоркі, зорныя скопішчы, планетныя сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)